ЛЁС ВЕТЭРАНА. Юлія Антонаўна Рудакоўская
- Апублікавана 30.04.2025 14:01
Красавік 1985 года.
Набліжаецца 40-гадовы юбілей Перамогі. Падрыхтоўка да святочных мерапрыемстваў набыла асаблівыя маштабы. Ветэраны вайны, якія дажылі да гэтай даты, былі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, юбілейным медалём, ладзіліся сустрэчы з ветэранамі і святочныя канцэрты.
Мне з самага дзяцінства было вядома, што мая бабуля Юлія Антонаўна Рудакоўская з’яўляецца ўдзельнікам вайны, і, будучы медсястрой, прайшла яе з чэрвеня 1941 па жнівень 1945 года. Я заўсёды любіў разглядаць ейныя ўзнагароды, дакументы і шматлікія лісты і паштоўкі, якія дасылалі са школьных музеяў розных рэспублік Саюза вучні, якія бралі шэфства над ветэранамі вайны і збіралі ўсю інфармацыю пра іхнія малыя і вялікія подзвігі ў ваенныя гады. Але асабліва адчулася ўся святочная і ўрачыстая атмасфера, гэтак жа, як і значнасць народнага подзвігу, менавіта ў тыя вясновыя дні напярэдадні 40-гадовага юбілею Перамогі.
Паколькі бабуля вырашыла, што маé шэсць гадоў – гэта ўжо дастатковы ўзрост каб зразумець і адчуць важнасць падзеі, то і брала мяне з сабой на ўсе сустрэчы, якія ладзіліся ветэранскімі арганізацыямі, фабрыкай «Элегант», дзе яна адпрацавала апошнія гады перад выхадам на пенсію, кіраўніцтвам горада і вобласці. Адна з такіх сустрэч уразіла асоба.
Папярэднічаў ёй нечаканы тэлефонны званок. Той, хто тэлефанаваў, прадставіўся палкоўнікам Абраменковым, паведаміў, што шукае Юлію Антонаўну Рудакоўскую, і ўдакладніў ці туды ён патэлефанаваў. Падчас гутаркі высветлілася, што ён быў аднапалчанінам бабулі, з якім служылі ў 669-м стралковым палку 212-й стралковай дывізіі, і, калі ён атрымаў раненне, яна, аказаўшы яму медыцынскую дапамогу, фактычна выратавала жыццё. Пасля вайны ён доўгія гады марна спрабаваў адшукаць яе, а ўдалося гэта зрабіць толькі праз 40 гадоў. Але самае неверагоднае - гэта тое, што ўсе гэтыя гады яны жылі ў Гомелі, у адным раёне і не ведалі пра гэта. Гэта неверагодная падзея стала адной з асноўных на святочным мерапрыемстве, зладжаным ў гонар ветэранаў вайны ў Палацы культуры Гомельскага хімзавода (цяпер палац культуры «Фестывальны»), дзе была арганізавана іхняя сустрэча 13 красавіка 1985 года. Таксама і газета «Гомельская праўда» ад 20 красавіка 1985 года распавяла аб гэтай сустрэчы ў сваёй нататцы.

Гэта падзея мяне, нягледзячы на дзіцячы ўзрост, вельмі ўразіла, і я з тых часоў ужо абсалютна свядома спрабаваў сабраць максімум інфармацыі і выпытаць усе дэталі, хаця бабуля пра ваенны час падрабязна ўспамінаць не любіла.
Лёс Юліі Антонаўны выдаўся вельмі няпросты. Нарадзілася яна 30.06.1914 года ў пасёлку Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Бацька Антон Антоновіч працаваў майстрам на дрэваапрацоўчым заводзе і трагічна загінуў, калі ёй было 4 гады. Маці Алена Сцяпанаўна ў той цяжкі час паслярэвалюцыйнай разрухі і галечы з вялікай цяжкасцю зводзіла канцы з канцамі, і каб атрымаць хоць нейкую дапамогу ад дзяржавы, зменшыла ў дакументах па два гады малодшым дзецям. Так годам нараджэння Юліі Антонаўны стаў лічыцца 1916 год. Цяжкія жыццёвыя выпрабаванні зрабілі сваю справу і Алены Сцяпанаўны, якой было ўсяго 29 гадоў, не стала ў той жа дзень, калі памёр У.І. Ленін – 21 студзеня 1924 года. І Юлія Антонаўна, а таксама ейныя чатыры браты і дзве сястры засталіся без бацькоў. Так фактычна пачалося ў няпоўныя 10 гадоў дарослае жыццё, поўнае розных падзеяў. Працоўную дзейнасць прыйшлося пачаць у 16 гадоў з пасады рознарабочай на дрэваапрацоўчым заводзе. Затым была вучоба на медыцынскіх курсах, якая завяршылася незадоўга да пачатку вайны, смерць першага мужа, праца ў Першасавецкай бальніцы (цяпер – Гомельская гарадская клінічная Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі).

Бабуля, будучы медсястрой, была мабілізавана на фронт ужо 23 чэрвеня 1941 года. І прайшла свой франтавы шлях, як яна казала: «ад Гомеля да Сталінграда і ад Сталінграда да Берліна». Увесь баявы шлях прайшла ў дзейнай арміі, акрамя перыядаў знаходжання ў шпіталях на лячэнні. Так, у 1942 годзе ў адным з баёў ёю было атрымана цяжкае аскепкавае раненне ў галаву, пасля якога яна доўга знаходзілася ў шпіталі, але два аскепкі былі вынятыя толькі праз некалькі гадоў пасля вайны. У канцы 1943 гады заразілася сыпным тыфам, але хутка вярнулася ў строй. А ў сакавіку 1945 гады, незадоўга да Перамогі, ізноў атрымала раненне, але ў гэты раз лёгкае – у нагу. Самымі каштоўнымі былі для яе дзве ўзнагароды – гэта медалі атрыманыя ў гады вайны: «За абарону Сталінграда» і «За ўзяцце Берліна».

Дэмабілізавана была Юлія Антонаўна ў жніўні 1945 года ў званні сяржанта медыцынскай службы.
З чатырох братоў Юліі Антонаўны з фронту не вярнуліся трое: Цімафей, Іларыён і Васіль Рудакоўскія. А сястра Надзея разам з мужам і дзвюма малалетнімі дочкамі патрапілі ў канцлагер Асвенцым. Муж і дзеці былі жыўцом знішчаны, а сама Надзея цудам выратавалася. І гісторыя гэтага выратавання варта асобнага апавядання. Ужо знаходзячыся ў бараку смяротнікаў Надзея падчас абеду выявіла ў сваёй талерцы з поліўкай залаты пярсцёнак. Відавочна нехта з вязняў пранёс яго з сабой і спрабаваў зберагчы да апошняга моманту, пакуль не стала зразумела, што ўсё дарма, і тады кінуў яго ў рондаль з поліўкай. Надзея паклікала наглядчыцу і аддала ёй пярсцёнак. Тая пахваліла яе за гэта і перавяла ў іншы барак, насельнікі якога павінны былі адправіцца на смерць пазней, праз некалькі тыдняў. І вось якраз за гэтыя тыдні канцлагер быў вызвалены. Праз некаторы час Надзея стварыла новую сям’ю з мужчынам, з якім пазнаёмілася ў лагеры і які там таксама страціў сям’ю, а сам цудам уцалеў. Як высветлілася пазней, гісторыю свайго выратавання Надзея практычна нікому не расказвала, акрамя сваёй сястры Юліі, і аб гэтых жахах не падазравалі яе дзеці ад новага шлюбу. А я, быўшы дзіцем, некалькі разоў з дзіцячай прастатой пытаўся, што азначае нумар, які быў выкалаты на яе руцэ каля запясця, а Надзея кожны раз аджартоўвалася, што вось проста калісьці зрабіла сабе такую татуіроўку…
Зразумела, усе гэтыя падзеі і ўспаміны заставаліся вельмі балючымі для ўдзельнікаў вайны, вязняў канцлагераў і сведкаў усіх жахаў і зверстваў ваеннага часу да самага канца іхняга жыцця. Таму нават праз гады ветэраны не любілі ўспамінаць дэталі ўсіх падзеяў тых гадоў. Калі ў маёй бабулі нехта прасіў расказаць, што такое вайна, яна казала: «дайце вашу руку, я вам гэта пакажу». І прыкладвала пальцы цікаўнага да дзвюх адтулін у сваім чэрапе, зацягнутым толькі скурай. «Вось што такое вайна!». Гэта заўсёды выклікала буру самых розных эмоцый, ад жаху да бязмежнай павагі, але больш падобных і падрабязных пытанняў задаваць ужо не хацелася.

Але, я шмат разоў пытаўся, як жа магла маладая крохкая дзяўчына, часта адна і без дапамогі, выцягваць параненых абязрушаных байцоў з поля бою. Яна казала: «і сама не магу зразумець, адкуль сілы браліся…». Таксама я цікавіўся ў бабулі, чаму ж пасля вайны яна не толькі не пайшла вучыцца ў медыцынскі інстытут, каб стаць урачом, але і ніколі больш не працавала медсястрой. Яна адказвала, што за ваенныя гады столькі наглядзелася на кроў, раны і смерць, што ўражанняў хопіць на ўсё жыццё.
Пасля вайны Юлія Антонаўна, адышоўшы ад наступстваў цяжкага ранення і падгадаваўшы малалетнюю дачку, занялася любімай справай – шыццём адзення і працавала краўчыхай у атэлье № 16 і № 19 гомельскай фабрыкі па пашыве адзення «Элегант» да самай пенсіі. Але і на пенсіі не забывала сваё другое пакліканне і амаль тры дзесяцігоддзі працягвала шыць сваім знаёмым, сябрам і блізкім вытанчаныя ўбранні.

Вяртаючыся да таго красавіка 1985 года, успамінаю, як ішлі з бабуляй з аднаго са святочных мерапрыемстваў дадому, і яна кажа: «Ведаеш, унучак, гэта ўжо мой апошні юбілей Перамогі, наступны я не сустрэну. Здароўя няма зусім, і нас, франтавікоў з кожным годам становіцца ўсё менш. Так, мусіць, гадоў праз дзесяць ужо і ўспомніць няма каму будзе ні пра перамогу, ні пра ветэранаў, нікому гэта будзе не трэба…»
Але гэты прагноз не спраўдзіўся. Быў яшчэ ў Юліі Антонаўны і 45-ці, і 50-ці, і 55-ці, і 60-ці гадовыя юбілеі Перамогі, і ўсё гэтак жа заўсёды былі віншаванні і добрыя словы ад знаёмых і незнаёмых людзей. Не стала Юліі Антонаўны Рудакоўскай 09.08.2008 года на 95 годзе жыцця.
Сёння, калі ад тых дзён 40-гадовага юбілею Перамогі, калі я ўпершыню адчуў усю сутнасць, глыбіню і значнасць гэтай падзеі, прайшло яшчэ 40 гадоў, можна сказаць, што і другая частка бабулінага прагнозу не спраўдзілася: не забыліся пра ветэранаў, пра іхні подзвіг і пра страшныя падзеі вайны. Наадварот – адкрыццё і аблічбоўка архіваў, больш беражлівыя і адказныя адносіны да сямейных рэліквіяў, да інфармацыі, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, даюць надзею, што гістарычная памяць нацыі будзе захавана.
На заканчэнне хачу сардэчна павіншаваць з 80-годдзем Перамогі ўсіх яшчэ жывых ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, іхніх родных і блізкіх, а таксама ўсіх, для каго гэтае свята – не проста чарговы выхадны дзень, а вялікая гістарычная падзея!

Дацэнт кафедры «Мытная справа» Антон Пятроў-Рудакоўскi
Нашли ошибку? Выделите ее и нажмите Ctrl-Enter





